четверг, 31 мая 2012 г.

DIY Film Fest-2012: музыка, скейты і самаарганізацыя


Стала вядомая праграма DIY Film Fest – фестывалю фільмаў аб культуры з прыстаўкамі “суб” і “контр”. Сёлета ён пройдзе ўжо ў чацверты раз, і, як заўжды, у дзвюх краінах – Беларусі і Польшчы. Паказы ў Мінску адбудуцца 21-24 чэрвеня, у Польшы – 5-8 ліпеня сумесна з фестывалем графікі “Psia Mać”.
Асноўная праграма складаецца з трох секцый. Жыццёвыя гісторыі, гендэр і сэксуальнасць апынаюцца ў фокусе “Boys and Girls of the Scene”; пра аўтаномныя прасторы і скейтарскую ўтопію распавядзе “Reclaim Yr Place”. Асобную секцыю мы адвялі фільмам Джо Біеля з амерыканскага незалежнага выдаўніцтва “Microcosm Publishing” – пра ровары, апошні цягнік Амерыкі і, канешне, панк-рок. Не забыліся мы і на класіку: сёлета гледачы выправяцца ў падарожжа па Нью-Ёрку, прасякнутым духам new wave, з гераінямі фільма “Times Square” (1980) Алана Мойла.
Конкурсны паказ праводзіцца ў гонар выбітнай амерыканскай андэграўнднай рэжысёркі Сары Джэкабсан. Геаграфія, жанры і працягласць уяўляюць суцэльную мяшанку: чакайце і анімацыю на некалькі хвілін з ЗША, і дакументальны фільм аб бразільскім самвыдаце, і поўнаметражную крымінальную камедыю з Грэцыі. У хуткім часе каталог фестывалю з дадатковымі прыемнасцямі можна будзе сцягнуць у PDF або знайсці друкаваную версію ў горадзе.
Гэтым разам мы будзем не толькі глядзець кіно, але і размаўляць пра яго: за дзень да пачатку кінапаказаў разам з Аляксеем Крывалапам пагутарым аб новых медыя і відэа-актывізме, а на выходных адбудзецца дыскусія аб распаўсюджванні некамерцыйнага і незалежнага кіно. А яшчэ будзе канцэрт і выстава, але пра гэта пазней!
Кінапаказы адбудуцца на розных пляцоўках, падрабязны расклад з’явіцца зусім хутка. Сачыце за навінамі на блогу фестываля http://diyfilmfest.blogspot.com і на фэйсбуку: http://www.facebook.com/smaruj.colective

Комментариев нет:

Отправить комментарий